І сёння, калі мы смела глядзім у будучае, мірнае неба для нас з’яўляецца нормай, а незалежнасць краіны і яе развіццё — наша рэчаіснасць, мы не можам і не маем права забываць, што кожны трэці беларус паклаў сваё жыццё для ўсяго гэтага. Гераізм і самаадданасць, бездакорная прага вольнага жыцця давалі сілы савецкаму салдату ў той вайне. І ён перамог. Не без дапамогі тылу. «Усё для фронту, усё для Перамогі», — гэты пастулат стаў бібліяй на час вайны. Ад малога да старога рабілі што ад іх залежыла, а часам і больш, каб наблізіць Вялікую Перамогу.
22 чэрвеня і на Слаўгарадчыне, зямлі, якая таксама стала месцам жорсткіх баёў, вялікіх і маленькіх перамог, прайша акупацыю і аперацыю па вызваленню, гэту дату памятаюць. З самага ранку ў раёне праходзілі акцыіі, мерапрыемствы, флэшмобы. У царкве Раства Прасвятой Багародзіцы адбылася паніхіда по воінах, якія загінулі падчас вайны і пасля яе. Патрыятычная акцыя «Аўтобус Памяці» стала для маленькіх жыхароў раёна яшчэ адной слаўнай старонкай гісторыі іх малой Радзімы. Выхаванцы летніх лагераў усклалі кветкі да памятнага знака «Гармата» і далей наведалі іншыя месцы горада, якія ўпісаны ў яго гісторыю навечна. Андрэй Кавалёў, супрацоўнік раённага музея, расказваў удзельнікам акцыі пра слаўныя подвігі воінаў падчас вялікай айчыннай.
У гарадскім парку мітынг-рэквіем «Іх подзвіг навечна ў памяці людской» сабраў кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь. Нажаль, сярод прысутных, і гэта на маю памяць упершыню, не было ветэранаў і ўдзельнікаў той вайны. Час няўмольна бяжыць, гады бяруць сваё, ваенныя раны нагадваюць пра сябе. Мы развітваемся са сведкамі тых падзей. Таму трэба не забываць пра тых, хто яшчэ ў страі, хто на свае вочы бачыў, што такое вайна, хто памятае пах пораху.
«Наш раён адчуў наступствы вайны: тысячы людзей загінулі, амаль усе драўляныя пабудовы знішчаны, вывезена падчас акупацыі ў Германію амаль усё, што мела хоць якую каштоўнасць. І ўсё-такі мы перамаглі. Наш народ ваяваў не за пашырэнне тэрыторыі, ці вырашаючы якія амбіцыйныя планы. Ён змагаўся за сваю зямлю, сваё мірнае будучае», — адзначыў Сяргей Валер’евіч.
А ў 12.00, як і па ўсёй краіне, прайшла рэспубліканская хвіліна маўчання. Падчас яе быў спынены нават рух у горадзе. У гэтую хвіліну адчувалася, што ўся нацыя аб’ядналася ў жаданні выказаць сваю ўдзячнасць усім, хто дабыў нам Перамогу.
І сёння, калі наша краіна перажывае не самыя простыя моманты, хочацца, каб мы сталі адзіным цэлым, здолелі супрацьстаяць любой навале, застацца чыстай незалежнай Беларуссю.



